П`ятниця, 29.03.2024, 00:16
Ви увійшли як Гість | Група "Гості" | RSS

                  Українська діаспора Берестейської області                                         


Вітаю Вас Гість

  DIE UKRAINISCHE DIASPORA

  Берестя-Пінськ-Малорита-Кобрин-Дрогичин-Іванове

Каталог статей

Головна » Статті » Мои статьи

Плачуць крывёю крыжы


Шлях ляжаў да сяла, якое знаходзілася зусім ля горада. “Новая ўлада” нават не жадаючы, але дацягнулася б да яго, да гэтага чарадзейнага кутка, дзе здавалася, што зміраў час, дзе супакойваўся бег жыцця, дзе вечныя скарбы перад табою, дзе гісторыя – дзень сённешні. Мянялася ўлада, беглі годы, праходзілі войны, а селянін жыў працай у полі, песняй жыцця і гора было зусім іншым, каб колас зыйшоў, каб сям’ю пракарміць. Звесткі аб новых гаспадарах распаўсюджваліся гукам маланкі, неслі іх на сваіх крылах анёлы цемры, бо праслаўляўся “новы гаспадар” забойствам, катаваннем. Для сяла, як заўжды здавалася, што гэта “разборкі” новых са старымі гаспадарамі, а іхняя справа малая. Сяло жыло. Раніцай на працу, вечарам на гадзінку на вячоркі, зноў размовы і пра жыццё і пра ўладу. Нядзеляю ў царкву, мужыкі на чоўны ды на рыбалку, а хто і на паляванне. Сяло ў той час - свая дзяржава, адная сям’я.
Гісторыя гэтага паселення вельмі дзіўная, як і яго жыхары. Па запісах царкоўнай кнігі, па запісах летапісцаў узнікла яно прыкладна ў 1581 годзе. Жахары яго былі – казакі і вольныя сяляне. Людзі любіўшыя свабоду! Людзі сумленныя і працавітыя. Сярод мясцовых, беднякоў не было, але больш багатыя былі. Казацкія рада Бязручкаў, Хіхлюкоў, Сняжко, Капко і Лояў адносіліся да багатых, бо мелі шмат зямлі, жывёлы, харчаваліся мясам і рыбай. Рабілі вельмі дарагія падарункі. Так напрыклад у пачатку 19 стагоддзя Хіхлюк Таццяна і Капко Ігнат падаравалі мясцовай царкве вялікі абраз “честного креста господня вздвижения” і пакінулі надпіс “Сий образ куплен в храм Пинковичской церкви Игнатом Капко, Хихлюк Татьяной и сынами Максимом и Василием. Року 1806, месяца сентября, 24 дня". Надпіс сведчыць аб тым, што выхадцы гэтых казацкіх родаў валодалі правапісам, а атрымаць у той час адукацыю каштавала вельмі шмат. Да 1831 года казакі Бязручка, Снежка, Капко, Хіхлюкі, Карунчыкі жылі асобным сяльцом якое іменавалі Казакі, але пасля паўстання 1830-1831 года па загаду ўладаў сяло Казакі далучылі да Пінкавіч, каб лягчей было кантраляваць. Таксама пасля далучэння да Пінкавіч казакі страцілі магчымасць самакіравання, якое было ў іхнім сяле. Адкуль жа ўзяліся гэтыя казакі на Піншчыне? Яны прыйшлі далёкім летам 1648 года ў момант вайны паміж гетманам казацкім Хмельніцкім і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны засталіся пад Пінскам, дзе і жылі да 1831 года асобным сялом.
Шмат, хто пасля 1945 года казаў, што на гэтыя казацкія рада накладзена пракляцце. Можа і так, але тым пракляццем для свабодалюбівых, сумленных, працавітых казакоў сталі бальшавікі, якія зрабілі ўсе намаганні, каб знішчыць гэтых людзей...
Верасень 1949 года, па сяле пайшоў слух, што з Чухава і Пагоста ў Пінск вязуць кулакоў. Старыя і малыя пабеглі на лунінецкую дарогу паглядзець, што ж гэта за “кулакі”. Бегла сярод гэтага натоўпа і Марыя Хіхлюк... Людзі збівалі ногі, падалі, але баяліся не паспець паглядзець на “ворагаў народа”. Вось далёка-далёка з’віліся сялянскія вазы і некалькі машын з салдатамі. Марыя не верыла сваім вачам, бо на вазах сядзелі простыя сяляне, спуганыя дзеці, малыя дзеткі плакалі. Яна не стрымалася і пачала даваць з торбы ўсё, што ў ёй было: яблыкі, хлеб... Нейкі салдат падбег да Марыі і паваліў яе на зямлю прыгразіўшы стрэльбай.
“Не! Не! Гэтак нельга... Гэта нейкая памылка. Яны ж простыя сяляне, мужыкі... За што?!”- думала з неразуменнем Марыя. Знайсці адказ на свае пытанне яна так і не змагла, ляжала і ласкала зямлю рукою. Быццам чула яе сэрца, што хутка бальшавікі прыйдуць у яе хату.
“Госпадзі! Дай мне сілы, дай мне сілы перажыць гэты час, аднясі ты нячыстую ад маёй сям’і. Няўжо я мала нацярпелася, няўжо я парушала законы Божыя?! – казала Марыйка.
Падняўшыся на ногі, яна азірнулася на дарогу па якой некалькі хвілін таму павезлі на смерць сумленных і працавітых, як яна гаспадароў. Усю дарогу дадому яна горка плакала, успамінала свае жыццё.
Лёс Марыйкі не жартаваў з ёй, але і яна да апошняга не крыўдзілася на лёс, а мужна несла свой крыж. Нарадзілася яна ў казацкай сям’і Радыёна і Ульяны Бязручка. Сям’я была вялікая – восемь дзяцей і Марыя была самая малодшая. Праз усё жыццё яна пранесла горкія ўспаміны грамадзянскай вайны, як гінулі яе браты, як засталася яна ў бацькі з маткай адная. У 1915 годзе сям’я казака Радыёна Бязручка падалася ў бежанцы. Бацька з раніцы запрог каня, пасадзіў усіх дзяцей на воз, маці палажыла клункі з адзеннем і прадуктамі, рывязалі карову да воза і паехалі пад Лунінец. Тры сям’і бежанцаў пасялілі ў адну хату. Спалі на саломе на земляным палу. Ні пераадзецца, ні памыцца. Пачаўся ў сяле тыф. Вялікае гора напаткала Бязручкаў: памерлі ад тыфу два браты Марыі – Антон і Сцяпан. У бежанцах пражылі яны тры гады. Вясною 1918 года, калі немец пайшоў на Мікашэвічы і Жыткавічы, яны вярнуліся ў родныя Пінкавічы. Агароды і поле пазарасталі травою і бур’яном, зямлю сяк-так пааралі, засеялі. Але самім не было чаго есці. Бацька лавіў рыбу і мяняў яе на хлеб, але накарміць усю сям’ю ўволю не мог. Ад неадаядання памерлі два браты марыі Васіль , Павел і дзве яе сятры Палагея і Аляксандра. Палагея пакінула сіратою сваю дачку Вольгу, але Марыйка узяла Волечку да сябе на парукі і выгадавала.
Але не было спакою на свеце. То немец адступае – бальшавікі наступаюць, пасля палякі наступаюць – бальшавікі адступаюць. І так два гады. А каму бяда? Мужыку, бо яго ўсе скубуць і скубуць: то каня адбяруць, то мабілізуюць маладых хлопцаў, то давай ім сена або хлеб.
Спакайней пачалі жыць, калі настаў мір. Пінкавічы, як частка Заходняй Беларусі адышла да Польшчы. Марыйка ўжо падрасла і ў свае 20 год (1929) выйшла замуж за суседа-казака Хіхлюка Карнея, так і стала яна Марыя Радыёнаўна Хіхлюк. Да 1929 года ў сям’і Радыёна і Ульяны Бязручка з васьмі дзяцей Марыйка засталася адная...
Карней быў высокі, прыгожы казак, які, як адзначалі людзі заўжды казаў праўду і прама ў вочы. У яго было два браты – Хвядос, Конан і дзве сястры – Моця і Яўхімка. Бацька Карнея Ніканор яшчэ да вайны пайшоў на службу да цара. Праз некалькі год службы у царскай арміі ён захварэў тыфам і памёр. Яго жонка атрымала за мужа вялікія грошы. Калі яна пайшла іх палучаць, то не знала, дзе іх размясціць. Пасля зняла з галавы хустку, разаслала яе на стале, сабрала грошы, звязала ў вузялок і прынесла дадому. Пасля купіла за ракою Прыпяццю 4 гектары сенакосу і дачцы Моці швейную машыну. Маці Карнея не пагадзілася са шлюбам свайго сына з Марыяй і ўсё жыццё праклінала нявестку. Усё сяло ведала, што Хіхлюк Ева знатная была чарадзейка і не аднаго чалавека згубіла. Так аднойчы перад Першай Сусветнай вайной узнікла ў яе спрэчка з суседам Сцяпанам Лоям з-за мяжы на агародзе. Некалькі дзён сварыліся, Ева сваё адстаяла, але ў след сказала, што хутка твая гаспадарка мохам пойдзе. Неўзабаве праз два тыдні на вайне загінулі два сыны Сцяпана, пасля памёр ён і яго жонка, усё здарылася за некалькі месяцаў. Шмат такіх прыкладаў...
Маці Карнея пракляла яго, мовіўшы, што ў яго з Марыйкай дзяцей не будзе. Ніхто тады не звярнуў увагі, але мінула пяць год, а дзяцей няма, мінула дзесяць год пасля жаніцьбы, а дзяцей няма... Вельмі тады знерваваўся Карней з жонкаю, але на той час змірыліся.
Вялі яны добрую гаспадарку, стараліся, рабілі. Было ў іх 3 гектары поля, 6 гектараў сенакосу, двое коней, былі свінні, авечкі. У 1935 годзе пабудавалі яны свой дом. Усё было добра – а дзяцей не было.
Перад вайною, у 1939 годзе памірае бацька Марыі Радыён, а ў снежні 1941 года маці Марыі Ульяна.
Летам 1941 года зноў прыйшла бяда- вайна. Вайна ёсць вайна. Яна нічога добрага людзям не дае. Як і ў другія часы Карней з Марыйкай рабілі на сваёй зямлі, касілі і ўбіралі свае сенакосы.
Аднойчы у сяло прыехаў вялікі нямецкі начальнік. Трэба была для жылля яму і яго акружэнню хата. Выбіраў нядоўга, калі заўважыў хату Марыі да Карнея адразу пайшоў у двор. Хата была пафарбавана, стаяла высока, вокны выходзяць на цэнтр вёскі і на р.Прыпяць – прыгажосць! Карнея ў той час дома не было, ён паехаў на рыбалку, а Марыйка прыбірала хату. Раздаўся стук у дзверы, калі яна адчыніла, то з рук выпаў венік. Падумала, што прыйшлі забіваць, але немцы ласкава папрасілі, каб гаспадар даў ім два пакоі, а самі жылі ў адным. Так і адбылося, немец забраў вялікую залу і пакой, а гаспадары жылі ў пакоі для гасцёў. Па загаду гэтага вялікага начальніка пры уваходзе ў хату вясеў вялізны партрэт Адольфа Гітлера, а над хатай віўся фашысцкі сцяг. Пасля вайны Марыя зробіць з гэтага сцяга добрую сабе спадніцу.Так яны пражылі два гады.
У студзені 1943 года памірае маці Карнея, а ў верасні 1943 года нараджаецца дачушка Любка. Для Марыі і Карнея – гэта была радасць, цуда! За 14 год сумеснага жыцця нарадзілася дзіцё. Людзі на сяле казалі, што памёр чалавек, які праклінаў Марыйку г. зн. маці яе мужа Ева і чары зніклі...
Аднойчы п’яны паліцай забраў са двара кормазапарнік. Марыя не згубілася і звярнулася за дапамогай да немцаў, расказала ім, што ў яе вялікая гаспадарка і ёй трэба карміць свіней, кароў. Прыйшлі праз некалькі дзён два немцы, паглядзелі, што ў яе сапраўды двое каней, дзве каровы, свінні, авечкі. Пахлопалі каней па грыве, пахвалілі за добрую гаспадарку і вярнулі кормазапарнік.
Летам 1944 года Карней і Марыя пачалі збірацца ў бежанства, беглі ў балота. Да сяла набліжаўся фронт, у сяле стала больш немцаў. Карней з прыёмным сынам Сцёпкам, узяўшы з сабою самае неабходнае, паехалі крыху раней. Марыя сабралася ехаць з сябрам Петруком Воленцам. Петрук узяў дачку Марыі Любку і пайшоў да лодкі, а сама Марыя вельмі пашкадавала парасят. Хуценька стала збіраць іх у мяшок. Пасля азірнулася на дзверы – а ў дзверах стаіць немец з аўтаматам у руках. Яна спалохалася, выпусціла з рук мяшок і пачала чакаць прысуду: ці застрэліць, ці забярэ мяшок з парасятамі. А немец узяў і дапамог ёй злавіць парася, пасля узваліў мяшок на плечы і сказаў: “Матка, вэк”.
Каля лодак у рэчцы было шмат немцаў, яны купаліся, абліваліся вадою, а некалькі салдат качалі лодку, так, што Марыя не магла сесці. Але на бераг выйшаў немец, які жыў у хаце Марыі і Карнея, нешта салдатам сказаў, яны піхнулі лодку на сярэдзіну і Петрук паехаў у балота.
Мо з нядзелю былі яны ў балоце, заплылі прыкладна за 30 км. ад Пінкавіч. Там ужо шмат было бальшавікоў, быў лазарэт для раненых. Калі Пінск быў заняты Чырвонай Арміяй, то яны рушылі дадому. Дабіраліся па рэчцы на лодцы. Яшчэ не сабралі загінуўшых салдат, і яны плылі па Прыпяцці па цячэнні.
Дома ад жывёлы, якую гаспадары не забралі з сабою засталіся рожкі ды ножкі, нават каўбасы, што Сцёпка схаваў на вязе высока ў галлі, знайшлі і паелі. Але хата гаспадароў засталася цэлая. Пасля вайны Бог зноў ашчаслівіў Марыю і Карнея ў іх нарадзілася яшчэ дзве дачкі – Валя і Каця...
Ужо ў 1945 годзе некалькі выхадцаў з казацкага рода Бязручак і Лояў былі рэпрэсаваныя. Антон Бязручка з сям’ёю адпраўлены на Калыму. Павел Лой, якога пахрысціў Якуб Колас у 1905 годзе быў расстраляны, бо служыў у самаабароне. Таму людзі і пачалі казаць, што на гэтых казацкіх радах – пракляцце...
Цяжкі, вельмі цяжкі лёс выпаў Марыйцы, але яна трымалася і не здрадзіла сваім жыццёвым каштоўнасцям. Яна малілася Богу, насіла крыж, калі забаранялі, не ўступала ў шэрагі бальшавіцкай партыі...
Дабраўшыся дадому, Марыя села на лаву, каля дзвярэй і ціха плакала. У вачах усе былі тыя вазы з “кулакамі”. Такога ў жыцці яна яшчэ не бачыла. Калі пачала размаўляць з суседам на гэтую тэму, то не магла стрымаць свае пачуцці, боль, трывогу, але сусед адказаў: “Раз так робяць свае, значыць так трэба!” Яна нічога не адказала, бо не было каму адказваць...
Раніцай наступнага дня, Марыя даведалася, што яна ўжо “кулак”. А падатак кулацкі быў вялікі. Зразу далі па 5-6 тысяч рублёў, пасля 8-10 тысяч. Прадавалі гаспадары на кулацкі падатак і каня, і свіней. Адну карову калгаснае праўленне і сельскі Савет пастанавілі аддаць шматдзетнаму Снежка. А. Прыйшоў ён да Марыі за каровай і нават павадка не ўзяў. Адкрыла яна хлеў і кажа яму: “бяры сваю карову”, а сама пайшла ў хату. А ён узяў лепшую. Але менш чым за год ён вымушаны быў яе дарэзаць, бо не было чым карміць. Не ведаў можа ён народнай прымаўкі, што малако ў каровы на языку, а вось кармоў нарыхтаваць не мог за цэлае лета, бо піў. Вось такія былі камуністы на сяле...
Кулацкі падатак Карнею і Марыі шлюць і шлюць. Усё ў іх забралі: хлеў, клуню, каня, карову, саломарэзку, зямлю, кормазапарнік. Раз прыйшоў старшыня сельскага Савета і два дэпутаты. Старшыня Шаўчэнка спачатку стукнуў кулаком па стале, што будзільнік упаў на пол, і сказаў:
- Калі сёння не выплаціш налог, то збірайся ў Сібір. Вось Так! Сушы сухары.
- Вы ў мяне ўсё забралі, у мяне грошай на хлеб няма, каб дзяцей накарміць. За што вы даеце мне гэты кулацкі падатак?
- За тое, што ты трымаеш парабка! Вось за гэта і плаці кулацкі падатак. У цябе дом пафарбаваны і пакрыты цынкам, здымі бляху, прадай ці нарабі з яе вёдзер і заплаці падатак.
- Спадар Шаўчэнка, і што ж Вы думаеце я Вам адкажу за такі “савет”...
- Добра! Яшчэ спрэчкі тут думаеш развесці, кулачка! А чаму ты стала главой гаспадаркі, а не твой мужык Хіхлюк Карней?!
- Як прыйшла вашая ўлада, то пачалі ж мабілізацыю вашыя ў армію. Пайшоў і мой мужык на прызыўны пункт. Там ён захварэў, палажылі яго ў шпіталь, пасля адправілі дадому як не страявога. Дома я вось лячу яго, цяжка хварэе, шмат працаваць нельга.
- Зразумела, але мы яшчэ будзем з табою вырашаць справу на конт парабка! – прыгразіў старшыня сельскага Савета Шаўчэнка і пайшоў з хаты.
Калі мясцовая адміністрацыя выйшла з хаты, Карней так засумаваў, што выцер слязінку, якая прабегла па яго твары і выйшаў з хаты. Марыя паспяшыла за ім на двор, ён узяў вяроўку і пайшоў у хлеў. Марыйка за ім, а ён ёй кажа, каб яна ішла ў хату, бо ён толькі дасць цялушцы есці і хутка прыйдзе. Есці цялушцы яны далі разам і Карней хутка супакоіўся. Доўгі час яна старалася быць з ім, каб дурное не здзейсніў.
А гэтым часам начальнікі пайшлі яшчэ да двух “кулакоў” – Абрамчука Васілія і Шломы Ерамея. У хаце Шломы Ерамея была калгасная кантора. За сталом актывісты рашалі свае праблемы, а гаспадар на печы пакончыў жыццё самагубствам.
На наступны дзень Марыю і Карнея выклікалі ў сельскі Савет, каб правесці следства, ці трымае ў сваім гаспадарстве Марыя Хіхлюк парабка. Справа была ў тым, што яшчэ да нараджэння першай дачкі Любкі ў 1943 годзе ў сяло прыбіўся нейкі хлопчык. Жыў і спаў дзе папала. Заходзіў і да Марыі паесці. Раз стараста сяла і суседка Еўка кажуць Марыі з Карнеем, каб яны прыюцілі яго, каб выгадавалі. Карней адказаў, што не хоча на сябе браць адказнасць. Хлопчык упаў на калені і так са слязамі стаў прасіць, што Марыя не вытрымала і сказала мужу: “Я вазьму яго”.
Яму было гадкоў 10-12, звалі яго Сцёпка. Калі стараста і суседка пайшлі, Марыя прыглядзелася да яго – О Божа! Такіх запушчаных дзяцей яна не бачыла нават у бежанцах. Адразу вывела яго на двор, папрасіла Захара Макаравага, каб ён падстрыг яго, нагрэла вады, памыла, пераадзела, дала новую вопратку, а старую яна ўсю спаліла. Пасля яны даведаліся, што хлопчык родам з Чухава, сірата. Жыў ён у іх да 1947 года, хадзіў тры гады у школу. Сцёпка быў вельмі старанны, браўся за любую работу, і Карней прывык і вельмі-вельмі палюбіў яго.
Неяк сяброўка Карунчык Ева падказала Марыі адправіць Сцёпку ў ФЗУ ў Пінск. Сцёпка згадзіўся, правучыўся там тры гады і пайшоў у армію. Адпраўлялі яны яго ў армію, як роднага сына, провады зрабілі. Вось такі быў парабак...
Мясцовыя ўлады ведалі гэта ад людзей, але давілі на Сцёпку, каб той заявіў у судзе, што яго трымалі як парабка. Сцёпцы пагражалі.
Суд пачаўся. Шмат бруду было выліта на Марыю. Калі справа дайшла да галоўнага, каб Сцёпка агаварыў Марыйку, то ён крыкнуў на ўсю залу: “Яна мая маці!”
Не змаглі бальшавікі назбіраць доказаў, каб вывесці сям’ю Хіхлюкоў у Сібір...

Восеньскім, даждлівым днём раздаліся крыкі матушкі. Жыхары ўжо не вытрымалі, схапіліся, з’ядналіся і рынуліся грамадою да царквы. Жанчыны, дзеці, старыя ўсе бралі хто што мог, хто касу, хто вілы. Усё сяло бегла да святыні.
У гэты час да царквы пад’ехала раённае і вясковае прадстаўніцтва ўлады. Царкоўны двор ацапілі салдаты, якія былі паслухмянымі робатамі, зрабілі шчыльныя рады. Іхнія вочы былі напоўнены гневам, злобаю.
Да бацюшкі Ігната падыйшло трое чалавек і запрасілі ключы, каб вынесці багацце з царквы. Ён адыйшоў у бок і даў адмоўны адказ. Праз хвіліну размовы катнікі нанеслі моцны ўдар па галаве святара Ігната, той пакаціўся на зямлю. Не дачакаўшыся ключэй яны выбілі дзверы, шкло. Айцец Ігнат пачаў пакрохі уставаць, твар заліваўся крывёю, а ў вушах стаяў звон. Схапіўшыся за палю святар моцна лупцануў аднаго з катнікаў. Стрэл!
Падбегчы народ змер. Не вытрымаўшы здзекаў людзі пачалі разбіваць рады. У адказ салдаты білі ўсіх падрад. Стрэл! Яшчэ адзіны. Народ адступіў далей. Салдаты пачалі разганяць усіх па хатам. Біліся да апошняга. А калі абурэнне было падаўлена, пачалі разбіраць царкву.
Царкву разабралі, а дровы перавезлі праз раку і пабудавалі мост, але па тым масту ніводны не ступіў. Іконы і іншыя святыні былі канфіскаваны.
Другую царкву перабудавалі пад склад. Знялі крыжы і ўсталявалі чырвоныя сцягі, але кажуць, што іх зрывала, калі і не было ветра, зрывала і кідала ў бруд.
Праз год усе хто знішчаў святыню знікнуць з гэтага света. Старшыня сельскага Савета Шаўчэнка памрэ цераз месяц, а яго двух сыноў, якія таксама дапамагалі бацьку заб’е маланка ...
Марыя вельмі сумавала, бо ў гэтай царкве яны з Карнеям абраліся шлюбам, пахрысцілі першае дзіця. Але Марыя ўсё жыццё пражыла з дэвізам, што Бог павінен быць у першую чаргу ў сэрцы...

                                                                                                                                                       Вацлаў ПАСПАЛІТЫ

 ***на фота казакі з в.Пінкавічы Пінскага р-н. З права на лева сядзіць Карней ХІХЛЮК (1906 - 1959). Па цэнтру (у белым) стаіць Павел ЛОЙ (1905-1945), афіцэр самаабароны г.Пінска, павешаны бальшавікамі ў 1945 годзе.

Категорія: Мои статьи | Додав: Chmara (21.08.2009)
Переглядів: 1426 | Коментарі: 2 | Рейтинг: 5.0/1 |
Всього коментарів: 0
Ім`я *:
Email *:
Код *:
Меню сайту
Форма входу
Категорії розділу
Мои статьи [23]
Пошук
Статистика

Онлайн всього: 1
Гостей: 1
Користувачів: 0
Copyright MyCorp © 2024
Зробити безкоштовний сайт з uCoz